БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́

(Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у тым ліку вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)